МІ́ННАЯ ВАЙНА́,
1) спосаб вядзення баявых дзеянняў з выкарыстаннем заглыбленых зарадаў выбуховага рэчыва (падземных мін) і падкопаў пад крапасныя сцены і мінныя галерэі, каб разбурыць іх. Элементы М.в. выкарыстоўваліся пры аблозе рус. войскамі Казані (1552), пры абароне Севастопаля (1854—55), у рус.-яп. 1904—05 і 1-й сусв. войнах. У 2-ю сусв. вайну тактыка М.в. ўжывалася, напр., у баях за Сталінград, партызанамі і падпольшчыкамі Беларусі, якія ўзарвалі больш за 11 тыс. фаш. эшалонаў, каля 1 тыс. складоў з боепрыпасамі і інш. (гл. Партызанскі рух).
2) Сукупнасць баявых дзеянняў флатоў па ўстаноўцы мінных загарод. У 2-й пал. 20 ст. такія дзеянні наз. «мінназагараджальнымі дзеяннямі» ці «процімінным забеспячэннем».
3) У арміях некаторых дзяржаў (напр., ЗША) пад тэрмінам «М.в.» разумеецца выкарыстанне наземных мін, спосабы процідзеяння выкарыстанню мін праціўнікам і пераадоленне міннаўзрыўных загарод. Тактыка М.в. шырока выкарыстоўваецца ў шэрагу краін пры вядзенні баявых дзеянняў узбр. сіламі і тэрарыстамі.
С.У.Чарных.
т. 10, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)